Смак роднай мовы

Беларускі фальклор для дзяцей

   Цяжка знайсці больш каштоўны матэрыял для далучэння дашкольнікаў да беларускай нацыянальнай культуры, чым дзіцячы фальклор і народныя гульні. Творы вуснай народнай творчасці змалку ўваходзяць у дзіцячае жыццё; на прыкладзе знаёмых вобразаў (кот, гусі, каза), праз нескладаныя сюжэты выхоўвае веру ў дабро, справядлівасць, раскрывае маральна-этычныя погляды белрусаў, дае магчымасць прывіць любоў і павагу да роднага слова. Ужо сёння важна звярнуць увагу на выхаванне пачуцця патрыятызму, пазбаўленне комплексаў нацыянальнай прыніжанасці і нігілізму. Гэта задача набывае актуалнасць у наш час у сувязі з агрэсіўным наплывам масавай культуры і стратай прадстаўнікамі розных народаў духоўнай сувязі са свёй нацыянальнай культурай

     Спецыфічныя ўмовы двухмоўя патрабуюць асаблівай увагі да авалодання дзецьмі роднай беларускай мовай. Сітуацыя, калі дзеці адначасова чуюць і рускую, беларускую мовы, садзейнічае аднолькаваму ўзроўню іх успрымання, разумення. Улічваючы гэтыя асаблівасці, неабходна, каб дзеці часцей чулі, разумелі, ведалі родную беларускую мову, каб авалоданне правільным беларускім маўленнем ажыццяўлялася ў працэсе арганізаванага навучання.

     Вызначым мастацкія асаблівасці кожнага віда фальклорных твораў.

          КАЛЫХАНКІ - асноўная задача - супакоіць дзіця мелодыкай, рытмам вершаваных строк, ціхім голасам, ласкавымі словамі. Часцей за ўсё - гэта калыханкі пра ката. Раней, перш чым пакласці дзіця ў ложак ці калыску, туды пускалі ката, каб ён забраў усе чары, а пакінуў толькі цяпло, дабро, прыязнасць.

               ЗАБАЎЛЯНКІ, ПАЦЕШКІ - суправаджаюць пальчыкавыя гульні, гушканне, пацягванне, першыя крокі дзіця, супакойванне, кармленне.

                    ПЕСНІ - адносяцца песні дарослых для дзяцей і тыя песні, што выконваюць самі дзеці. Праз песні атрымоўваюць пэўныя уяўленні аб навакольным свеце,  выхоўваецца павага да працы, асуджаецца лянота, абыякавасць. Займальнасць сюжэта, яго дынамічнасць, кампазіцыйная стройнасць спрыяюць вобразнаму мышленню, адначасова дапамагаюць засвоіць пэўныя гукі.

                        ЗАКЛІЧКІ - гэта зварот, заклік да сіл прыроды, з'явам, адухаўленне прыроды.

                             ДРАЖНІЛКІ - лаканічныя, невялікага памеру, высмейваюцца нейкія адмоўныя рысы чалавека ці жывёлы, дакладна перадаюць поэўную рысу характару.

                              ЛІЧЫЛКІ - прысвечаны для ўстановы чароднасці ў гульнях, выбар вядучага.

                              ГУЛЬНІ - прасочваецца цесная сувязь з земляробствам, з бытам, навакольнай прыродай: многія гульны заснаваны на перайманні рухаў, дзянняў пры пэўных гаспадарчых працах. У некаторыя гульні арганічна ўваходзяць і іншыя творы дзіцячага фальклору - лічылкі, забаўлянкі, калыханкі.

          КАЗКІ - універсальны сродак народнай педагогікі; утрымліваюць жыццёвы маральны вопыт, народную мудрасць, рыхтуюць дзяцей да самастойнага жыцця, вучаць адрозніваць добрае ад дрэннага. Казкі вабяць дзяцей цікавымі персанажамі, прыгодніцкімі дзеямі, чараўніцтвамі, сакавітасцю роднага слова. Казкі лепш расказваць, чым чытаць, расказваць пранікненна і цікава, гледзячы дзецям ў вочы.                     ЗАГАДКІ - у сціслай і дакладнай форме подводзілі да назіранняў за цэлымі групамі жыццёвых з'яў, жывёл, птушак, вызначаючы іх характэрныя асаблівасці; загадкі служаць разумоваму выхаванню.   

                     ПРЫКАЗКІ - трапнае, лаканічнае, устойлівае народнае выслоўе павучальнага зместу, якое мае прамы і пераносны сэнс. У ёй выказваецца закончаная думка, якая дзякуючы шырокім абагульненням дае ацэнку з'яў, падзей, узаемаадносін паміж людзьмі.

                                    ПРЫМАЎКІ - характарызуюцца незакончанасцю думкі, не мае абагульняючага значэння і выкарыстоўваюцца часцей у канкрэтнай моўнай сітуацыі, можа быць зразумелай толькі ў кантэксце. Прыказкі і прымаўкі надаюць мове выразнасць, яскравасць, вобразнасць, садзейнічаюць выхаванню высокіх маральных пачуццяў, перадаюць жыццёвы вопыт і маральна-практычную філасофію народа. 

свернуть

Беларуская народная цацка

Дарагі сябар, а ты ведаеш, якія цацкі былі ў нашых далёкіх продкаў? Не зусім? Тады давай разам зазірнём у гісторыю.

     На Беларусі  самымі старажытнымі і пашыранымі былі гліняныя цацкі. Яшчэ ў жалезным веку з'явіліся бразготкі - пустацелыя гліняныя шарыкі, яйкі з каменным шарыкам унутры, фігурныя цацкі свістулькі. Верагодна, што такія цацкі ў даўнія часы мелі не столькі забаўляльнае прызначэнне, колькі рытуальнае: свіст ці бразгаценне павінны былі адганяць злых духаў. Фігуркі людзей, якія абазначалі продкаў, хатніх жывёл, ляпілі з надзеяй на дабрабыт сям'і.

     Масавы выраб гліняных цацак пачаўся ў 11-13 стагоддзях разам з развіццём ганчарства. Свістулькі рабліліся ў выглядзе птушак і конікаў, фігурак людзей. У 19-першай палове 20 стагоддзя гліняныя цацкі вырабляліся практычна ва ўсіх ганчарных цэнтрах Беларусі. Большасць цацак мела абагуленую, умоўную форму. Звычайна іх пакрывалі зялёнай, карычневай ці жоўтай палівай, а ў традыцыйных цэнтрах чорназадымленай керамікі цацкі мелі яшчэ і чорны колер.

     Значная распаўсюджанне ў народным побыце мела драўляная цацка, якая звычайна была рухальнай: людзі намагаліся як бы ажывіць цацку. Папулярнымі былі пілавальшчыкі. Для пілавальшчыка-адзіночкі з дошчачкі выразалі схематычна сілуэт чалавечай фігуры, у плечы ўстаўлялі дзве палачкі-рукі, а ў іх жорстка мацавалі "пілу" з трэскі. Ніжні завостраны канец цацкі ўтыкалі ў бульбіну, якая служыла процівагай. Цацку ставілі на край стала, ш яна паціху пагойдвалася - "пілавала" ўяўнае бервяно.

      Складаней было зрабіць парных пілавальшчыкаў. Адзін стаяў на дошчачцы-аснове, а другі - на перакладзіне, што імітавала падстаўку (сталюгу) для распілоўкі бярвенняў. Праз стойкі "сталюгі" і "пілу", за якую трымаліся фігуркі, прапускаўся каленчаты рыжачок з дроту. Круціш за рычажок - і пілавальшчыкі пілуюць. Дрывасекі ці кавалі (мядзведзь і каваль) рабіліся на гарызантальных палачках. На верхняй - адзін, на ніжняй - другі. Пасоўваеш палачкі ўправа-ўлева - і кавалі па чарзе б'юць па "кавалдзе".

     Акрамя такіх рухомых драўляных цацак, рабілі і іншыя. Такія, напрыклад, як цацкі-птушкі. Іх падвешвалі над дзіцячымі калыскамі, і яны "ляталі" ад павеваў ветру. Тулава такой птушкі рабілі з цуркі (невялікая завостраная палачка), апрацаванай накшталт птушынага цела, хвастом была тая ж цурка, расшчэпленая на канцы на лучыны. Крылы рабілі таксама як і хвост, толькі з другой цуркі.

     Цацкі з саломы рабілі з аднаго-двух па-рознаму складзеных і перавязаных саламяных пучкоў. Гэта былі позныя фігуркі: людзі, птушкі, жывёлы. Сюды ж можна аднесці і так званых павукоў.  Гэта даволі аб'ёмныя, але лёгкія вырабы. З асобных саломінак спляталі геаметрычныя фігуры.

      Таксама выраблялі лялькі - фігуркі чалавека. Да драўлянай цуркі мацавалі валасы з кудзелі, вуглём малявалі твар, а з кавалка тканіны шылі адзенне. Акрамя гэтага, майстравалі цацачную мэблю, посуд, прылады працы.

свернуть

Беларускія народныя гульні

ГУЛЬНЯ - асноўная форма дзейнасці дзяцей, змест іх жыцця. У гульнях яны мацнеюць фізічна, духоўна, вучацца разумець навакольны свет, узаемадзейнічаць у калектыве.

     БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ ГУЛЬНІ - рухавыя. Яны вызначаюцца багаццем разнастайных уздзеянняў на арганізм дзяцей, фарміруюць у іх неабходныя фізічныя навыкі: удасканальваюць навыкі бегу (з лоўляй і ўхіленнем, у розных напрамках, са зменай тэмпу), хадзьбы па крузе, скачкі, практыкуюць ва ўменні ўзгадняць рухі са словамі; развіваюць спрыт, хуткасць, настойлівасць; выхоўваюць пачуццё павагі да традыцыйных беларускіх святаў, пачуццё калектывізму, узаемадапамогі. Народныя гульні ў комплексе з іншымі выхаваўчымі сродкамі з'яўляюцца асновай для фарміравання ў дзяцей неабходных фізічных якасцей і навыкаў, выхавання іх нацыянальнай самасвядомасці і цікавасці да гісторыі і культуры свайго народа. Беларускія народныя гульні таксама садзейнічаюць працэсу разумення і авалодання беларускай мовай, выкарыстанню трапных выразаў у паўсядзённым жыцці.

      Беларускія народныя гульні шырока выкарыстоўваюцца ў фізічным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту: на занятках, на святах, ранішніках. Яны садзейнічаюць усебаковаму развіццю дзіцяці ў працэсе выкарыстання педагагічных традыцый і сучасных падыходаў да выхавання і аздараўлення дзяцей.

          Беларускія народныя гульні для дзяцей 3-4 гадоў: "Грушка", "Вожык і мышы", "Надзейка", "Адгадай, чый галасок" і інш.

        Беларускія народныя гульні для дзяцей 4-5 гадоў: "Птушкі ляцяць", "Мак", "Сонейка", "Шэры кот", "Браднік", "Вартаўнік", "Хворы верабей", "Мароз", "Вузельчык", "Агароднік", "Што робіш?", "У жмуркі", "Млын", "Дзядуля-ражок", "Свабоднае месца", "Сляпы музыкант", "Чараўнік", "Схавай рукі", "Нос, нос, нос, лоб" і інш.

         Беларускія народныя гульні для дзяцей 5-6 гадоў: "Гарлачык", "Паляўнічыя і качкі", "Іванка і Марылька", "Рэшата", "Фарбы", "Кашка", "Каноплі", "Проса", "Палатно", "Гаспадыня і кот", "Лянок", "Свінка", "Птушка", "Качка", "Гарнушак", "Гусі-лебедзі", "Міхасік", "А мы проса сеялі", "Вартаўнік", "Паляванне на лісаў", "Шчупак", "Хапанка", "Пасадка бульбы", "Конікі", "Вяроўка-змейка", "Золата" і інш.

свернуть

Размаўляй са мной па-беларуску

КОЖНУЮ ПЯТНІЦУ ЗАКЛІКАЕМ ВЫХАВАЦЕЛЕЙ, ДЗЕТАК І БАЦЬКОЎ РАЗМАЎЛЯЦЬ ПА-БЕЛАРУСКУ!

     Скарбы мовы, скарбы пазнання, скарбы навакольнага свету расчыняюцца тым, хто шчыра любіць і глыбока вывучае родную мову, літаратуру, культуру.

     Паважаныя бацькі! Дапамажыце, калі ласка, нам далучыць вашых дзетак да роднай, беларускай мовы! Давайце разам будзем захапляць нашых дзяцей прыгажосцю і мілагучнасцю роднай мовы.

      Пачніце з прывітання ці развітання па-беларуску. Да універсальных вітанняў належаць: вітаю, прывітанне, добрага здаровейка. Вітальныя выразы ў дачыненні да часу: добрай раніцы, добрага ранку, дабранак, добры дзень, добры вечар, добрай ночы.

     Формы развітання: да пабачэння, да сустрэчы, да скорага, шчасліва заставацца, заставайцеся здаровы, бывайце здаровыя, шчаслівай дарогі.

     Ветлівасць. Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюццая амаль штодня. Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін сваім дзецям.

      Дзякуем: сардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!

      Просім прабачэння: Прабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату! Не сярдуйце, так атрымалася! Даруйце, мне вельмі непрыемна.

     Радуемся: Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!.

      Жадаем: Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вас Бог беражэ! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашыя родныя! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра! Хай вас лёс не здрадзіць

свернуть

Беларускія народныя казкі дзецям

     Кожны чалавек належыць да пэўнага народа, і ў адпаведнасці з гэтым мае пэўную нацыянальнасць. Яе нельга выбраць паводле свайго густу ці спадобы.

     У кожнага народа ёсць свая гісторыя, свае карані і звычаі, у тым ліку і ў беларускага. Найлягчэй распазнаюць беларуса па мове, якой ён карыстаецца. Перакладзіце на іншую мову усім вядомыя словы беларускай песні, трапныя выразы у творах беларускіх пісьменнікаў, у фальклорных творах ці проста матчыны словы - і знікне прывабнасць, мілагучнасць, сакавітасць мовы. Пераклад з беларускай мовы мы не ўспрымаем як роднае, дарагое, блізкае.

     Большую частку уражанняў чалавек выносіць са свайго дзяцінства. Гэтыя ўражанні застаюцца з ім на ўсё жыццё. Менавіта дашкольны ўзрост прадстаўдяе спецыяльныя прспектывы фарміравання ў дзяцей патрыятычных пачуццяў.

     Засваенне дзецьмі беларускай мовы ажыццяўляецца ў спецыфічнай сітуацыі руска-беларускага блізкароднаснага двухмоўя. Для большасці дашкольнікаў першай мовай, на якой яны вучацца гаварыць і думаць, з'яўляецца руская. У той жа час дзеці даволі рана далучаюцца да беларускай мовы, чуючыяе па радыё, тэлебачанні, ад некаторых дарослых і ў дзіцячым садзе, на асобных занятках.

     Аднак паўнавартаснае беларскамоўнае асяроддзе ў дашкольнікаў адсутнічае. Больш за тое, дзеці могуць карыстацца рускай мовай нават тады, калі да іх звяртаюцца па-беларуску, ведаючы, што іх разумеюць. Такім чынам, маўленчыя сітуацыі, у якіх аказваюцца дзеці, не ствараюць у іх жыццёвай неабходнасці размаўляць па-беларуску. З інўага боку, стыхійнае авалоданне юеларускай мовай прыводзіць да змешвання русскага і беларускага маўлення дзяцей.

     Такім чынам, гэта патрабуе спецыфічных падыходаў да навучання дзяцей беларускай мове.

     Творы фальклору саім зместам і формай найлепшым чынам дапамогуць у гэтым. Паступова яны ўводзяць малога ў стыхію народнага слова, арскрываюць яго багацце і прыгажосць. З'яўляюцца ўзорам прыгажосці мовы. Народныя казкі спрыяюць засваенню ўісх формаў мовы, якія даюць магчымасць выпрацоўкі ў дзяцей ўласных моўных навыкаў.

     Зараз дадзеная праблема становіцца яшчэ больш актуальнай. Недахоп часу ў бацькоў, адсутнасць актывізацыі беларускай мовы з боку бацькоў - прыводзіць да праблем развіцця маўлення дзяцей. На жаль, дзіця больш часу праводзіць за кампутарам, чым у жывым асяроддзі. З прычыны гэтага, творы народнай творчасці практычна не выкарыстоўваюцца нават у малодшым узросце. Дашкольны ўзрост - гэта перыяд актыўнага засваення дзецьмі гутарковага стыля мовы, станаўлення і развіцця ўсіх бакоў мовы: фанетычнай, лексічнай, граматычнай. Паўнавартаснае валоданне роднай мовай у дашкольным дзяцінстве з'яўляеца неабходнай умовай для разумовага, эстэтычнага, маральнага выхавання дзяцей. Чым раней дзеці чуюць беларускую мову, тым ваьней яны будуць карыстацца ёй ў далейшым.

     Але жыццё ў рэчышчы народнай культуры не можа быць навязана бацькам. Яно можа быць толькі вынікам натуральнага выбару кожнага чалавека, які бачыць менавіта ў гэтым карысць для дзяцей і адчувае пульс роднай культуры ў самім сабе. Дзяцінства немагчыма ўявіць без казкі, таму што слухаць казкі, якія табе расказваюць мама і тата, бабуля ці дзядуля, ці дорая выхавацелька, калі бацькоў няма побач - гэта адно з правоў дзіцяці, запісаных у Канвенцыі аб правах дзіцяці. У ёй сказана, што дзіця мае права на зносіны і ўвагу, на паўнавартаснае развіццё, на выражэнне сябе, на адпаведную свайму ўзросту і зразумелую ў гэтым узросце інфармацыю, а таксама на вывучэнне культуры свайго народа. Усё гэта ёсць у казках.

      Казкі вучаць і перасцерагаюць, казкі звязваюць нашых пра-прадзедаў ды пра-прабабуляў з намі. Казкі - гэта ўтульны сямейны вечар, калі клопаты вялікага свету засталіся за сценамі Вашага дому, а Вы і Ваш час належыць толькі Вашым дзецям.

     Калі мы гаворам пра Канвенцыю аб правах дзіцяці, у першую чаргу мы думаем пра глабальныя рэчы: пра мір, пра вайну, пра адукацыю, пра ежу, пра жытло і здароўе. Бясспрэчна, гэта вельмі важна. Але Вашая ўвага, Вашыя абдымкі, Вашая сіла і абарона, Вашая пяшчота і клопат вельмі патрэбны Вашым дзецям.

      Казкі - гэта цэлы чароўны свет, у якім Вы падарожнічаеце разам, трымаючыся за рукі. Свет, у якім Вашае дзіця можа стаць веліканам і навучыць Вас, дарослага чалавека, чаму-небудзь новаму. Размаўляйце, чытайце казкі сваім дзецям а беларускай мове. А мы Вам у гэтым дапаможам.

свернуть