Дзень роднай мовы

15.02.2024

     Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія - мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.

     Родная мова - гэта адначасова і культура, і спадчына народа. Роднае слова - гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы свет. Кожны інтэлігентны чалавек павінен ведаць і паважаць мову краіны, у якой нарадзіліся яго продкі і ён сам. Родная мова - адзін з першых сродкаў адрознення нацыянальнасцей і культур.

     21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Міжнародны дзень роднай мовы - адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА. Ён штогод адзначаецца з 2000 года. Дні роднай мовы ў Беларусі пачалі ладзіцца дзяржаўнымі ўстановамі з 2009 года. Сэнс гэтага свята - заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.

     Калі ты чуеш яе - ці то сучасную літаратурную, ці змешаную "трасянку", або мясцовую дыялектную - ведай, што гэта ўсё яна - наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

     Дык не дай загінуць ёй, жывой і непаўторнай, "з легендаў і казак" сатканай, "вобразнай, вольнай, пявучай", цудоўнай роднай мове.